Галоўная / Навіны
03.03.2023

ВЫЙШАЎ ЧАРГОВЫ НУМАР ЧАСОПІСА «АХОВА ПРАЦЫ І САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА»

Пры якіх умовах ёсць шанс рэалізаваць канцэпцыю нулявога траўматызму ў такіх патэнцыйна небяспечных галінах, як энергетыка і газазабеспячэнне? Адказ на гэтае пытанне атрымалі ўдзельнікі семінара на Магілёўшчыне, арганізаванага на базе Круглянскага раёна газазабеспячэння. Матэрыял аб семінары – у лютаўскім нумары часопіса “Ахова працы і сацыяльная абарона”.

Аб тым, якія задачы плануецца вырашаць ў Год бяспечнай працы ў прамысловасці, расказвае начальнік аддзела аховы працы, пажарнай бяспекі і будаўніцтва ўпраўлення інвестыцый і энергарэсурсаў Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь П. В. Бохан.

Намеснік начальніка ўпраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы – начальнік аддзела аховы працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь І. М. Камянецкая акцэнтуе ўвагу на новых патрабаваннях да выканання работ у калодзежах, калектарах і іншых падземных ёмістых збудаваннях.

У нумары публікуюцца пералік заканадаўчых актаў, якія рэгламентуюць правядзенне дарожных работ, а таксама растлумачэнне, што неабходна ведаць аб праверцы выканання заканадаўства аб працы і аб ахове працы.

Правядзенне выбарачнай праверкі магчыма толькі пры ўмове, што субект уключаны ў план выбарачных праверак па канкрэтнай вобласці або Мінску. А вось якім чынам субект трапляе ў гэты план, тлумачыць начальнік упраўлення аналізу, арганізацыйнай, кадравай і ідэалагічнай работы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь А. У. Асіпкоў.

Начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы і аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама А. М. Кавалёва расказвае, як ликвидаваць памылкі і парушэнні, дапушчаныя пры правядзенні атэстацыі рабочых месцаў.

Пад рубрыкай “Расследаванне і аналіз” у нумары прапанавана некалькі матэрыялаў, якія датычацца парушэнняў абыходжання з гаруча-змазачнымі матэрыяламі і прымянення перасовачных бытавых памяшканняў.

Увазе спецыялістаў таксама прапанаваны прыкладны варыянт пажарна-тэхнічнага мінімуму для кіраўнікоў субектаў гаспадарання і работнікаў, адказных за пажарную бяспеку. Апроч таго, у нумары – працяг размовы аб арганізацыі вытворчасці, выкарыстання, пагрузкі, транспарціроўкі і выгрузкі выбухапажаранебяспечных і таксічных хімічных рэчываў.

Пад рубрыкай “Медыцына працы” публікуецца матэрыял аб такой падступнай хваробе, як плоскаступнёвасць, і яе прафілактыцы.

У дадатку да часопіса можна знайсці тэксты пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2022 г. № 59 “Аб зацвярджэнні Тыпавой інструкцыі па ахове працы пры выкананні работ у ёмістых збудаваннях”, а таксама загада Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2018 г. № 19 “Аб вызначэнні крытэрыяў ацэнкі ступені рызыкі для адбору субектаў пры правядзенні выбарачных праверак” (у рэд. загада ад 05.12.2022 № 114).